[ Обновленные темы · Новые сообщения · Участники · Правила форума · Поиск · RSS ]
  • Страница 1 из 1
  • 1
Ветковский форум » Гостинная » Общение » Бераг белых буслоў
Бераг белых буслоў
DzimitryjДата: Вторник, 30.12.2008, 19:21 | Сообщение # 1
Полковник
Группа: Администратор
Сообщений: 159
Репутация: 6
Статус: Offline
Ўздоўж ці ўпоперак Беларусь можна праехаць за адзін дзень – дазволяць і дарогі, і надвор’е, хіба зіма знянацку спыніць густою завеяю альбо ўвесну шпаркі крыгаход на кароткі час прыб’е паромы да рачных берагоў. Ды ў такім борздым падарожжы ніякага сэнсу няма. Беларусь нельга прагледзець, як стужку экзатычнага фільма. У Беларусь, каб убачыць яе, трэба ўгледзецца. Колер Беларусі блакітна-зялёны. Абсяг лесу пад нябёсамі, паплавы і азёры, квітнеючыя нівы льну ствараюць гэты каларыт. Мяккія хвалі жыта, калі яно каласіцца, васількі на ўзмежку, буякі на імшарах і званочкі пад гаем, вячэрнія туманы ў речышчах і ранішнія росы ў лагах ляглі блакітам па зялёнаму. Нават кастрычніцкаю парою, калі прастору запаўняюць збуялыя барвы і над усім золатам дубоў, асін і бяроз сягае гучны блакіт неба, - холад вышыні і апошнюю гарачыню зямлі памяркоўна сцішваюць чысцюткая свежасць руні, раўнаважны, заспакоены тон бору.

На маляванне беларускага краявіду прырода выбрала акварэль. Разведзеныя ў крынічнай вадзіцы фарбы аказаліся тут самыя прыдатныя для выявы, якая пазбаўлена рэзкіх кантрастаў і ўся пабудавана на плаўных лініях. Бо няма на Беларусі стромкіх гор, вулканаў, каньёнаў, яе межы не амывае бурнае мора, ледзяная поўнач і пякучыя тропікі так аддалены ад нашай зямлі, што яна амаль не ведае разгулу стыхій. І таму белы бусел, самавіты птах Еўропы, якому так даверліва падарыў любоў чалавек і які ўзаемна дзячыць чалавеку прыхільнасцю, птах, якому акрамя вады, поплаву і древаў патрэбен спакой, апошнім берагам свайго жыцця на ўсходзе абраў Беларусь. Ён не зімуе ў нас, але вяртаннем з выраю кожную вясну пацвярджае, што гэты блакітна-зялёны край яму – радзіма, а ён – яе сімвал міралюбства, сцішнага хараства і патаемна мудрай сілы.

Так толькі здаецца, што 560 кіламетраў адлегласці па мерыдыяну мала значаць у сярэдняй паласе Еўропы. На Беларусі і карацейшыя адрэзкі дарогі здзівяць перападамі мясцовасці і надвор’я. Бывае пятнаццатага красавіка на Палессі, пад Маларытаю, зацвітаюць вішні, а на Браслаўі, у Дрысвяцкім лесе, ляжыць снег. На Чырвоным возеры спяваюць салаўі, а Нарач яшчэ скута лёдам. У Прыпяцкім запаведніку расце рададэндран (яго радзіма Крым і Каўказ), а на Полаччыну з прыпалярных абласцей нейкім чынам трапілі карлікавая бярозка і марошка.

Прыпяцкае Палессе, самы бусліны край на Беларусі, - роўнядзь-роўняддзю. Рэдкія пясчаныя выспы называюць тут градамі, за граду звычайна чапляецца вёска, бо вясной Прыпяць, бывае, разліваецца на 40 кіламетраў, спыняючы всілякія зносіны, акрамя як па вадзе. Уся ў нізкіх берагах (толькі пад Мозырам Палеская нізіна ўзнімаецца крутымі пагоркамі), Прыпяць выцякае з пінскіх трысняговых балот і, убіраючы в сябе воды Гарыні, Случы, Ствігі, Убарці, Пцічы пругка імчыць да Дняпра. З усіх судаходных беларускіх рэк Прыпяць найменш кранута цывілізацыяй і найбольш захавала адвечнай прыгажосці. Шырачэзныя, як вокам абняць, паплавы з густым покрывам стракатых красак замыкаюцца на даглядзе дубровамі і грабнякамі. Старыя рэчышчы, бесконцыя азёры, шматлікія дробныя прытокі ва ўсіх напрамках праразаюць пойму. Часам рака падзяляецца на рукавы, глыбокімі затокамі падступае да вёсак і лясоў. Няспынна і ўпарта точыць Прыпяць берагі, з пляскам і грукатам скідвае ў сваю плынь спрадвечныя дубы, шпурляе і круціць іх на перакатах, засмоктвае вірамі, кладзе на дно шырокіх плёсаў.

Добавлено (30.12.2008, 19:21)
---------------------------------------------
У Дняпра сухі дол з высокім правым берагам, на якім старажытнымі крэпасцямі стаяць гарады: Орша, Шклоў, Магілёў, Быхаў, Рагачоў, Жлобін, Рэчыца, Лоеў. Яшчэ грэкі-эліны карысталіся Дняпром (Барысфенам) для зносін з паўночнымі народамі, пазней па гэтай рацэ, што стала калыскай славянскай культуры, траплялі “з варагаў у грэкі”. Разам з Бярэзінай, Сажом, а крышку ніжэй – з Прыпяццю Дняпро ахоплівае большую частку тэрыторыі Беларусі і набірае тут сваю галоўную моц. Лета сцінае сухадолы Дняпро: не шмат вады набіраецца ў пагорыстых яго верхоўях. Гэтаксама мялее Нёман, які спачатку млява пятляе па шырокай даліне і толькі пад Гродна, зросшыся са Шчараю, магутна ўразаецца ва ўзвышша. Мялее і Заходняя Дзвіна ў сваіх гліняных ночвах. Адна Прыпяць шчыруе, нясе на лагоднай і шчодрай плыні цэлы флот цеплаходаў і барж.

Але вясною разлівы рэк беларускіх набываюць эпічны размах. Тады высокае неба запаўняюць чароды птушак, што вяртаюцца з выраю. Пачынае востра пахнуць рабое ад апошніх лапінак снегу поле. Сінімі агеньчыкамі ўспыхваюць пад хвоямі пралескі, зялёным дымком ахутваюцца бярэзнікі, залацістая лотаць накрывае ціхія затокі. Зямля дыхае глыбока, на поўныя грудзі.

Мусіць, нідзе ўлонне беларускай зямлі не акрэслена так ярка і самавіта, як на Браслаўі. Хоць на Мінскім узвышшы, на Лагойшчыне, вока цешыцца хвалістымі лініямі пагоркаў, утуленых у бары і бярэзнікі, а на Аршаншчыне і Полаччыне – строгай готыкай яловых лясоў, хоць край Прынёманскі дамінуючыя свае пункты ўпрыгожыў шэдэўрамі абарончага дойлідства, якія – непадзельная частка краявіду, а Прыдняпроўе ўражвае абрывістымі берагамі рэк, раздоллем лугоў і ніў, - Браслаўе, лепшы куток беларускага Паазер’я, мае свой непаўторны ландшафтны сэнс. Гэта непаўторнасць – у музычнай рытміцы вышынь: іх разараныя схілы чырвоныя вясною і залатыя пад цяжкім калоссем і жніўні. І віюцца па схілах сцежкі і дарогі, аблямованыя стужкамі блакітнай цукоры, з вербамі і камянямі на ўзбочынах – віюцца да паселішчаў, што раскіданы вольна, як аблокі ў небе. Стыль такой вольнасці ствараюць люстры блакітных, сініх, зялёных азёр. Яны ці адасоблены, ці пераліваюцца з аднаго ў другое, ці злучаюцца рэчкамі, але ў выгінастым і пакручастым рэльефе не ўгледзець размежавання вадзяной гладзі.

Бадай, самая дзіўная мясціна пад Браславам – доўгі мыс, што пачынаецца ад Слабодкі і завяршаецца крутым узлобкам. З вяршыні яго адкрываецца вялічная панарама на азёры Недарава, Неспіш, Батойса, Войса, Струста, якая ўвенчана крыштальнымі прызмамі белага храма. І белыя хусцінкі чаек мільгаюць над грабянямі зялёных хваляў. Тугі балтыйскі вецер з натхненнем надзімае аблокі, пад вечар яны збіраюцца ў адну нізкую і чорную хмару, і тады на ўсю прастору абвальваецца шторм. Кіпіць вада ў азёрах, сівыя пасмы дажджу са свістам і сіпеннем сутыкаюцца з хвалямі і камянямі, вецер гайдае сосны і ядловец, пырскамі і пенаю акатвае берагі. Шторм бушуе праз усю ноч, раніцы за ім не відно. Палову наступнага дня хмары так-сяк разгойдвае, разбівае вецер, іх адносіць на ўсход. Над супакоенымі хвалямі зноў крычаць чайкі, адплываюць ад берага рыбацкія чаўны. Вячэрняе сонейка лашчыць мокрыя сосны і вільготныя травы, весела стракочуць конікі на сенажаці, і скрозь ачышчаны блакіт прасторы, ужо не белы, а ружовы ў променях нізкага сонца, ляціць бусел.

Ён як быццам з падання. Падання пра тое, як да людзей на крылах белага птаха прылятае шчасце. Вядома, людзі не пазычалі сваёй долі ў буслоў. Паданне далёкае ад рэчаіснасці, але сэнс яго зразумелы: шчасце не можа жыць без хараства. А хараство Беларусі даспадобы і людзям, і птушкам.

Валянцін Ждановіч

МІНСК, «БЕЛАРУСЬ», 1979

фотоальбом


Каб любіць Беларусь нашу мілую
Трэба ў розных краях пабываць...
 
Ветковский форум » Гостинная » Общение » Бераг белых буслоў
  • Страница 1 из 1
  • 1
Поиск:

close